Дзяржаўная ўстанова адукацыі

"Мінскі гарадскі педагагічны каледж"

Сайт падрыхтавала Хаткевіч Дар'я Сяргееўна

Кіраўнік - А.К. Пекач

Аўтары матэрыялу - А.В. Саракваш, Л.С. Язвінская


Ніна Мацяш стварыла Духоўны Манастыр і жыццёвым подзвігам паказала прыклад, як жыць, як імкнуцца да “высокага неба ідэалу”
(праца выконваецца ў рамках інавацыйнага праекта “Внедрение модели организационно-методического обеспечения деятельности ресурсного центра по духовно-нравственному воспитанию обучающихся” (приказ комитета Министерства образования Республики Беларусь от 28.08.2023 №411)).


Ніна Мацяш

Таленавітая прадстаўніца жаночай паэзіі

з цяжкім лёсам...


“Даецца толькі тым жывучасць,
Хто годны ў муках сцвердзіць сваё "я"...”
Ніна Мацяш. Верш "Вярба"


  • 1
    Жыццёвы і творчы шлях
  • 2
    Праграмныя прадукты
  • 3
    Iндывідуальныя заданні

~Жыццёвы і творчы шлях~

Ніна Іосіфаўна Мацяш нарадзілася 20 верасня 1943 года ў сялянскай сям'і ў в. Нівы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
Пасля заканчэння Бярозаўскай сярэдняй школы ў 1960 г. паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў на факультэт французскай мовы, марыла стаць перакладчыцай, але на трэцім курсе цяжка захварэла. Вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак (скончыла навучальную ўстанову ў 1966 г.).
Нягледзячы на цяжкае фізічнае становішча выкладала нямецкую мову ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы (1973–1977).
Да мастацкага слова Н. Мацяш звярнулася ў студэнцкія гады.


Спачатку гэта былі асобныя вершы.
  • Першы верш маладой паэтэсы (на рускай мове) з’явіўся ў друку ў 1962 г. у бярозаўскай раённай газеце “Маяк коммунизма” і ў газеце “Во славу Родины”.
  • З 1967 г. пачала пісаць па-беларуску.
  • Як вядома, пераадольваць маральныя і фізічныя пакуты Н. Мацяш даводзілася амаль усё жыццё. Але складаны лёс толькі расшырыў яе паэтычны талент.
  • Ужо ў першай кнізе “Агонь” (1970) Н. Мацяш акрэсліла кола праблем, як духоўных, маральных, так і будзённа-бытавых, якія абазначылі яе творчы шлях.
Паэтэса – аўтар зборнікаў вершаў “Удзячнасць” (1973), “Ралля суровая” (1976), “Прыручэнне вясны” (1979), “Поўны келіх” (1982), “Жнівень” (1985), “Шчаслівай долю назаві...” (1990), “Я вас люблю” (1998), “Богава дрэва” (2004) і інш.
  • Сваёй любімай матулі паэтэса прысвяціла славутую “Паэму жніва” (1983), за якую ў 1984 г. атрымала Літаратурную прэмію імя А. Куляшова.
  • Ёсць у паэтэсы і вершы гістарычнай тэматыкі: “Малітва Апанаса Філіповіча”, “Маналог Казіміра Лышчынскага”, “Песня касінераў”, “Маналог Камілы Марцінкевіч”, “Маналог каханай Кастуся Каліноўскага” (яе цікавілі значныя і неардынарныя асобы).
  • Для дзяцей Н. Мацяш напісала казкі “Два браты і сякера” (1975), “Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя” (1982), “Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка” (1993)
  • П’есы для тэатра лялек “Прыгоды трох парасят” (пастаўлена ў 1976), “Крок у бессмяротнасць” (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнарыі “Пясняр роднай прыроды” (пастаўлена ў 1978), “Гэта я, Госпадзі” (пастаўлена ў 1980).
  • Яна актыўна выступала як крытык і літаратуразнавец, займалася мастацкімі перакладамі з французскай, нямецкай, польскай, украінскай моў кніг Ж. Аліўе, Ж. Сіменона, А. Сент-Экзюперы, Л. Кастэнкі, В. Шымборскай і іншых, паасобных твораў П. Беранжэ, П. Мерымэ, Ф. Шылера, Ю. Славацкага, Т. Хрусцялеўскага, А. Гаўрылюка, П. Маха і інш.
  • Вершы паэтэсы пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі В. Перапёлкіным, М. Марозавым, С. Куксай,
  • Л. Міхайлоўскім, А. Марозавым.
  • Паэтэса вяла актыўную грамадскую дзейнасць, праводзіла творчыя сустрэчы і пасяджэнні, на якіх збіраліся слухачы амаль з усёй Беларусі, была частым госцем у школах і ліцэях, прымала ўдзел у пісьменніцкіх з’ездах.

Мацяш Ніна Іосіфаўна

Мацяш Ніна Іосіфаўна
заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, фестывалю “Берасцейская зорка – 1998” у намінацыі “Літаратура”, Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Р. Скаварады, прэміі Усебеларускага фестывалю моладзі, прысвечанага 50-годдзю ЛКСМБ (1970), ганаровы грамадзянін горада Белаазёрска.
фестываль "Берасцейская зорка – 1998"
Міжнародная літаратурная прэмія імя
Р. Скаварады

ДАДАТАК В


ДАДАТАК Г

ДУХОЎНАЕ ЎЗЫХОДЖАННЕ
НІНЫ МАЦЯШ
ДА “ВЫСОКАГА НЕБА ІДЭАЛУ”



Аляксандра Васільеўна Саракваш, навучэнка І курса ДУА “Мінскі гарадскі педагагічны каледж”, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Лізавета Сяргееўна Язвінская, навучэнка І курса ДУА “Мінскі гарадскі педагагічны каледж”, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Навуковы кіраўнік – Алена Канстанцінаўна Пекач

ДУХОЎНАЕ ЎЗЫХОДЖАННЕ НІНЫ МАЦЯШ

ДА “ВЫСОКАГА НЕБА ІДЭАЛУ”


Ужо 15 гадоў няма на гэтай зямлі яркай і таленавітай Зоркі, сапраўднай Грамадзянкі і проста Паэткі Ніны Язэпаўны Мацяш. Нам засталіся 14 паэтычных зборнікаў, кнігі перакладаў, казак, п’ес, зборнік песень “Бэзавая завіруха”, невялікая сціплая “Спроба аўтабіяграфіі”, асобныя фотаздымкі і, вядома ж, памяць. Памяць пра яе жыццё-подзвіг.
Ператварыўшы боль і адчай у бясконцы роздум пра духоўнае, душа паэткі і яе лірычнай гераіні стала багатая мудрасцю, красою, “жывільнай музыкай гармоніі”. Усё сваё жыццё Н. Мацяш імкнулася да духоўнага наталення людзей і разумела, якая гэта велізарная адказнасць – падаваць людзям свой голас.
Суровы і аскетычны маральны “статут”, у нечым падобны да манастырскага, акрэслівае яе дарогу, яе шляхі любові, вызначае напрамак духоўнага ўзыходжання да “высокага неба ідэалу”. Духоўны манастыр Н. Мацяш унутры яе самой, заключаны ў наканаваным ёй лёсе, які яна прыняла як Боскае наканаванне – як пакаранне і пасланніцтва адначасова. Н. Мацяш удалося пагадзіць і прымірыць у сабе зямное і боскае, злучыць свет і манастыр, жыццёвы аскетызм затворніцы і чалавечую адкрытасць, памножаную на духоўную пасіянарнасць паэткі і актыўнай грамадскай дзяячкі.
Варта пагадзіцца з літаратуразнаўцам Г. Праневічам, які сцвярджае, што “сваім “словам праўды зболенай” Н. Мацяш дарастае сёння да самых высокіх і ахвярных імёнаў у нашай літаратуры – Цёткі, М. Багдановіча, а можа, найперш да самай высокай і ахвярнай постаці, што пачынае гэты духоўны радавод – да святой Еўфрасінні Полацкай”.
Н. Мацяш – апякунка і патронка роднага краю і ўсёй Беларусі.
Радзіма – гэта, перш за ўсё, той куточак, дзе нарадзіўся чалавек, тое месца, куды, безумоўна, хочацца вяртацца зноў і зноў, гэта той скарб, які нельга страціць. “З малой радзімы і пачынаецца адчуванне ўсёй Бацькаўшчыны”, –адзначае І. Шматкова [3, с. 195]. У творчасці Ніны Мацяш значную ролю адыгрываюць вершы, якія прысвечаны Радзіме. Аўтарка ганарыцца Беларуссю,ганарыцца, што вырасла на гэтай зямлі, і ніколі не забудзе, не забрудзіць дрэнным словам цудоўны край, які багаты сваімі палямі, лясамі і рэкамі:
– Адкуль ты?
– З Беларусі.
– Беларус?
Ківаеш галавою: ну канешне!
І стане сэрцу соладка чамусь,
Хоць застанешся і спакойны знешне.

[“Яшчэ не дарэшты”, 2, с. 185]

Як можна заўважыць, у вершы “Адпомста” лірычная гераіня Н. Мацяш лічыць за найвышэйшае шчасце прыналежнасць да Беларусі. Радкі гэтага твора напоўнены гонарам за Беларусь:
Жыву на Беларусі.
Беларуска.
Кахаю беларуса. –
Вось ён, мой
Найдасканалы свет:
Адзіна тут,
У Любасці дзяржаве,
І ўтульна мне,
І вольна мне,
І песенна.

[“Адпомста”, 2, с. 201]

У вершы “Малітва Апанаса Філіповіча” лірычны герой адрасуе Маці Божай словы мальбы пра выратаванне свайго народа, пра шчаслівую долю для роднай Бацькаўшчыны:
Я не ведаю,
Што мне тут наканована,
Але ведаю,
У Каго і ў Што веру я.

[“Малітва Апанаса Філіповіча”, 1, с. 421]

Ніна Мацяш не губляе веры і жадае абудзіць людскую любоў да Радзімы, каб не счарсцвелі сэрцы:
Невераемна, што яшчэ... але ж
Шчэ соладка пры згадцы: край бацькоўскі...

[“Яшчэ не дарэшты”, 2, с. 185]


Усе гэтыя радкі прасякнуты адной ідэяй – самаадданай любоўю да сваёй роднай зямлі, да Беларусі.



Нягледзячы на цяжкасці, Н. Мацяш адносіцца неабыякава да лёсу Радзімы. Адзін з вершаў паэтка назвала “Vita brevis. Patria eternis” (“Жыццё кароткае. Радзіма вечная”). Свой першы зборнік “Агонь” (1970) паэтка пачынае вершам “Белаазёрск”, а верш “Візітоўка” красуецца на першых старонках зборніка “Паміж усмешкай і слязой” (1993). Гэтыя два вершы прысвечаны роднай вёсцы Нівы – там нарадзілася паэтка, але хутка вёска ўвайшла ў горад Белаазёрск. У вершы “Візітоўка”, які быў напісаны ў 1986 годзе, Ніна Мацяш дакладна гаворыць, адкуль яна родам, як яна любіць і ганарыцца сваёй Радзімай:
Спытаюцца: “Адкуль ты?
Скуль ты родам?”
І адкажу:
– З палескай той раўніны,
Якая з даледавіковых часаў
Пароднена і з доляй, і з нядоляй.
О, нездарма яна, мая старонка,
І Белым возерам глядзіць,
Як вечнасць,
І Чорным возерам глядзіць,
Як памяць…
Бярозаўшчына!

[“Візітоўка”, 2, с. 18]

Лірычная гераіня ганарыцца скарбамі Белаазёрска і сумуе па стратах падчас фашысцкай навалы і таму адрасуе радкі-заклікі нам, нашчадкам. Гэтымі вершаванымі радкамі Н. Мацяш сцвярджае ідэю міру як агульначалавечую каштоўнасць:
Гляджу на жытнія разлогі кута роднага
І думаю:
Хай ясніцца Твой дзень,
Хай непарушна мірным будзе неба
Над шчырай працай і над адпачынкам
Дзяцей Тваіх неваявітых, працавітых…

[“Візітоўка”, 2, с. 20]

Ніна Мацяш з гонарам успамінае і па прозвішчах пералічвае сваіх продкаў-родзічаў з роднай вёскі:
Ўмелі пастаяць
За гонар свой, за песеннае заўтра твае дзеці –
Твае Альшэўскія ды Кутнікі, Труцькі,
Вячоркі, Руцічы, Хвядчэні.
Барушкі, Коласы ды Салаўі,
Іх мноства, нескароных…

[“Візітоўка”, 2, с. 19 – 20]

Верш “Белаазёрск”, які напісаны ў 1962 годзе зусім яшчэ маладой аўтаркай, яскрава перадае яе радасць за роднае Палессе, за яго “росквіт”, за новабудоўлі, гонар за “адбітак зыркі ўсіх агнёў Палесся!..” Родны горад для паэткі – гэта ўсё: жыццё, мара, “сон залаты”, надзея на светлую будучыню і нават “яшчэ не складзеная песня!”:
Ці бачыў ты хоць раз Белаазёрск,
Калі на дахі мякка ноч прысядзе,
Павее казкай ад старых азёр
І пойдуць песні поруч на абсадзе?..

Белаазёрск мой, сон мой залаты,
Мая
яшчэ не складзеная
песня!

[“Белаазёрск”, 2, с. 21]

Праз усю творчасць Ніны Мацяш скразной ніткай праходзіць любоў да сваёй радзімы. Вершы на гэтую тэму адметныя нязмушанасцю, прастатой, вялікім захапленнем прыгажосцю і багаццем беларускай прыроды.
Прырода для Ніны Мацяш – жывая, адухоўленая. Паэтка ўспрымае дрэвы, кветкі і іншыя вобразы як дарагія сэрцу істоты, яны падобныя да людзей. “Самотную вярбіначку” называе сваёй сястрой. У гэтым жа вершы паэтка задаецца пытаннем:
Хто ўпершыню назваў цябе плакучай,
Самотная вярбіначка-вярба?

[“Вярба”, 2, с. 44]

Сапраўды, здаўна ў беларускім фальклоры вярба з’яўляецца сімвалам смутку, плачу:
Ці не паэт назваў цябе плакучаю,
Вярба мая, сястра мая?

[“Вярба”, 2, с. 44]

Са слоў І. Шматковай, Н. Мацяш была ўпэўнена, што мудрыя продкі невыпадкова надзялялі навакольную прыроду жывой душой, але, на жаль, сучасны чалавек гэтую ісціну вымушаны адкрываць занава:
Як некалі дзікун, спасцігшы занава,
Што сутнасць і людзей, і дрэў – адна.
І што даецца толькі тым жывучасць,
Хто годны ў муках сцвердзіць сваё “я”.

[“Вярба”, 2, с. 44]

Адчуваючы сябе часцінкай прыроды, паэтка “вучыцца” трываласці, мужнасці, шукаючы адказы на хвалюючыя пытанні:
Вучуся ў дрэў.
У ніцае ракіты –
Глыбей у глебу весці карані,
А у бярозы, восенню акрытай, –
Вяртаць лістотай сонца з вышыні.

[“Вучуся ў дрэў…”, 2, с. 33]

Як заўважыла І. Шматкова ў даследаванні пра фальклорныя традыцыі ў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай, у паэзіі Н. Мацяш прысутнічаюць вобразы-сімвалы, вобразы-ўвасабленні. Напрыклад, у вершы “Бяроза” дрэва – гэта сімвал роднага краю. Бяроза – штосьці значнае і надзвычай важнае ў жыцці, яна – духоўнае апірышча, увасабленне радзімы. Паэтка верыць, што з “бястленнасці і тлуму” знойдзе “сцежку мудрасці і ўдач” [4, с. 159]. Хто ж яшчэ, як не родная зямля, пакажа і асветліць дарогу, “не дасць спатыкнуцца”:
Тваё галлё, бяроза, падтрымае, –
Яшчэ адолець не адну вярсту.
Пакуты знаю. Боязі не знаю.
Іду.

[“Бяроза”, 2, с. 36]

Верш “Яліна” звернуты да “калючага” дрэва, якое ў беларускім фальклоры – сімвал адзіноты і цяжкіх выпрабаванняў:
Не пытаю, яліна, чаму
З боку поўдня пышней тваё голле:
Неаднойчы і нада мной
Сцюжа люта скуголіла.

І зусім не пытаю, чаму
Ты ніколі у поле не выйшла:
Без сябрыны побач і я
Не выжыла б.

[“Яліна”, 2, с. 56]

Верш “Скарга дзікай яблыні” – страсны голас чалавека, якому прагнецца суладнасці жыцця, які клапоціцца, каб быць патрэбным людзям, бо інакш яго чакае лёс пустацвету. Сапраўды, паэтка не выпадкова выкарыстоўвае эпітэт “дзікая”, падкрэсліваючы гэтым драматызм становішча, таму што звычайная “садовая” яблыня ў большасці фальклорных твораў з’яўляецца “ўвасабленнем плоднасці, здароўя, цэласнасці, гармоніі, кахання, уладкаванасці, радасці і асалоды жыцця...” [4, с. 160]. I таму скардзіцца дзікая яблыня:
Я ў сад хачу!
Я клопату хачу!
Бязглузда ж усыпаць пладамі вецце,
Каб іх стаптаў,
Каб змарнаваў іх вецер.

Я ў сад хачу!

[“Скарга дзікай яблыні”, 2, с. 84]

Адухаўляе Ніна Мацяш нават дажджынку, якая коціцца па яблыку і можа сарвацца з хвіліны на хвіліну:
А ў ёй – палова неба сіняга,
Крыло ўрачыстае вясёлкі,
І гай бярозава-асінавы…

[“Дажджынка”, 2, с. 23].

Выразна разумеем, як паэтка любіць любую пару года ў вершы “Я думала, люблю адну вясну…”. Яна прымае надвор’е любым, незалежна ад таго, якім яно будзе:
Я думала, люблю адну вясну:
Вясной так лёгка пераблытаць, дзе я…

Я думала, што восень не цярплю:
Так непрытульна і маркотна ўвосень…

І ўсё прымаю, лета і зіму,
Паводку бурную і ліставею.
Калі зямля, як сонца, душу грэе –
Багаслаўляю лета і зіму!

[“Я думала, люблю адну вясну…”, 2, с. 34]

І ў кожнай пары года Н. Мацяш паводзіць сябе па-рознаму. Ад надвор’я залежыць настрой лірычнай гераіні, пачуцці, эмоцыі, успрыманне свету. Напрыклад, увосень адзінока, непрытульна і маркотна:
І зноў сумую па буслах,
Нібы па родным чалавеку:
Іх восень ціха адвязла
На рыжым чоўне дзесь да грэкаў…

[“І зноў сумую па буслах…”, 1, с. 281]

А ў вершы “Лісток” паэтка параўновае сябе з адзінокім лістом, які застаўся на галіне адзін і невядома, калі сарвецца ўніз:
Дрыжыць лісток,
ды не таму, што зжоўк,
Другое страшыць:
што адзін застаўся…

[“Лісток”, 1, с. 282]

Вясной аўтарка адчувае сябе лёгка і ўтульна. І таму вершы, якія напісаны вясною, адрозніваюцца. Паэтцы хапае толькі аднаго сонечнага промня, каб ашукацца і ўваскрэснуць:
Вясна?
Гэта такая пара,
калі нават старыя
згаджаюцца ўбачыць,
што хмары бываюць
і лёгка мінальныя.

[“Вясна?..”, 1, с. 14]

З чаго ж ты, сэрца, радасцю пранізана?
Я толькі ў маі знаю цябе гэткім!

О сэрца, ты такое рызыкоўнае:
У студзені адліга – не прадвесне.
Табе ж хапае промня выпадковага,
Каб ашукацца
І каб уваскрэснуць.

[“Адліга”, 1, с. 288]


Доўга цень на долю падаў,
Я свой ясны дзень шукала, –
А яго закалыхала
Ноч
на белым голлі саду.

[“Дзявятае мая”, 1, с. 315]

Лета і зіма для Ніны Мацяш – гэта дзве любімыя пары года. Паэтка сябе адчувае ў іх хораша і весела, назірае за прыродай, назірае за зменамі ў ёй, а таксама і ў сваім характары:
І гэтак хораша на сэрцы,
І я сама цвіту, цвіту,
І маладую песню вецер
Зрывае з вуснаў на хаду.

[“Цвітуць лугі”, 2, с. 24 – 25]

Як шчодрацца блізкія вочы!
Як ломка адзвоньвае лёд!..
Цяпер ужо сонца не збочыць –
На лета яго паварот!

[“Паварот на лета”, 1, с. 331]

А снег, а снег, як спозненая ласка,
І гэтак жа, як ласка, растае…

[“Першы снег”, 1, с. 284]

Нішто на зямлі не можа быць бліжэйшым, мілейшым, чым малая радзіма. У кожнага чалавека ёсць свая радзіма. У адных – гэта вялікі горад, у іншых –маленькая вёсачка, але ўсе людзі любяць яе, радзіму, аднолькава моцна.
Некалькі вершаў паэтка прысвяціла Башкірыі: “І ты – Радзіма”, “На адвітанне з Башкірыяй”. У вершы “І ты – Радзіма” Н. Мацяш параўноўвае журбу башкірскай песні з роднай “бярозай ніцай”, здзіўляецца прыгажосці, гасціннасці, шчырасці і адкрытасці гэтай краіны:
Башкірыя! Не бачыла яшчэ
Ні гор-лясоў тваіх, ні Агідэлі,
Ды ўжо мяне так шчодра абагрэлі
Агні твае ў імзе маіх начэй.

[“І ты – Радзіма”, 1, с. 266]

Верш “На адвітанне з Башкірыяй” прысвечаны паэту Асылгужы Багуманаву; у ім паэтка яшчэ раз гаворыць дзякуй краю гэтаму “за радасць лучнасці з харошымі людзьмі, за песню цёплую…”. Аўтарка не перастае здзіўляцца прыгажосці Башкірыі і вельмі ўдзячна ёй за адкрытыя мясціны, за душэўны спакой, які дала Н. Мацяш яе “другая” радзіма.
Ніна Мацяш любіла падарожнічаць, і гэта бачна па вершах “Дарожнае. На свяце паэзіі ў Крошыне”, “У Беластоку”, яе вабіла рамантыка нязведанага і неспазнанага. І гэтая зацікаўленасць заўсёды прыводзіла паэтку ў захапленне ад новых мясцін. І Беласток, і Крошын, і Башкірыя сталі для яе таксама сапраўднай “другой” Радзімай:
Крошын той, што тут завуць Крашынам,
Шчэ куточак роднае зямлі,
Дзе ліхота лёс людскі крышыла,
Дзе ліхоту людзі амаглі.

[“Дарожнае. На свяце паэзіі ў Крошыне”, 1, с. 268]


Сцяжынкі ў паветры. Вяснушкі на шчоках.
Астуда і ласка
майго
Беластоку.

[“У Беластоку”, 1, с. 271]


Башкірыя! Мы ўжо не чужаніцы.
І ты – Радзіма. Дзякую. Рахмат.

[“І ты – Радзіма”, 1, с. 266]

Ніна Мацяш – Апостал Духу. Яна – прыклад як жыць, як падымацца з каленяў. Яна – Парадніца. Яна – прыгожая ў матчыным слове ад Бога паэтка!Яна – нязломная духам вялікапакутніца ў Бога!Яна – заступніца і абаронца Любові, Святла, Дабрыні!..
Моцная туга па Гармоніі і Красе ў асабістай душы, выкліканая цяжкай хваробай, што абмежавала вялікі свет чатырма сценамі і рабочым сталом, прыводзіць Н. Мацяш да ўсведамлення, што яна, гэтая Гармонія, не даецца чалавеку са знешняга свету, а набываецца праз пакуты, расчараванні, боль і самаачышчэнне, а гэта дазваляе ўсё-такі спраўдзіць свае мары і жаданні ў пошуках шчасця.
Хто я? Чаго прыйшла? Што кажу людзям? Што ўдаецца сказаць? Ці трэба ім гэтае слова? З чым пайду? Што пакіну пасля сябе? – вось пытанні, адказы на якія далі пісьменніцы разуменне сэнсу жыцця і сэнсу мастацтва. Сэнс мастацтва якраз у тым, каб дапамагчы кожнаму з нас шукаць і знайсці сваё шчасце, бо менавіта асобныя шчасці, па словах паэткі, і ствараюць агульнае людское шчасце. Прызначэнне паэткі, на яе ж думку, вызначана ў самім імені НІНА – АСВЕТНІЦА. А яшчэ ПАРАДНІЦА.
Такім чынам, Талент і Хараство, духоўнае ўзыходжанне да “высокага неба ідэалу”, высакароднасць пачуццяў, высокі інтэлект, эрудыцыя, арыстакратызм натуры паэткі ад спадчыннай волі, ад бацькі і маці; ад прымірэння і згоды з адвечнымі законамі прыроды; ад пчалы-працаўніцы, карміцелькі-маці, ад пчалы манастырскай-Еўфрасінневай, ад пчалы Скарынавай, ад рупнай Багдановічавай пчалы-самотніцы, ад разумнага парадку і ладу, які ўтвараюць пчаліная сям’я, рой, вулей; ад роднай Бацькаўшчыны, Палесся, Бярозаўшчыны.

Літаратура
1. Мацяш, Н. Душою з небам гаварыць / Н. Мацяш. – Мінск: Маст. літ., 1999. – 462 с.
2. Мацяш, Н. Паміж усмешкай і слязой / Н. Мацяш. – Мінск: Маст. літ., 1993. – 301 с.
3. Шматкова, І. Тэма Радзімы ў творчасці Еўдакіі Лось і Ніны Мацяш /
І. Шматкова // Роднае слова. – 2007. – № 5. – С. 195 – 197.
4. Шматкова, І. Фальклорная традыцыя ў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай / І. Шматкова // Міфалогія – фальклор – літаратура: праблемы паэтыкі: зб. навук. прац. Вып. 5: да 100-годдзя з дня нараджэння М. Р. Ларчанкі / склад. Т. І. Шамякіна; пад агул. рэд. В. П. Рагойшы. – Мінск: Выд. цэнтр Беларус. дзярж. ун-та. – 2007. – С. 157–162.




ДАДАТАК Д

Міжнародная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя
"Актуальные вопросы филологического образования в XXI веке"


АДНАСАСТАЎНЫЯ СКАЗЫ (ЧАСТКІ)

У “ПАЭМЕ ЖНІВА” НІНЫ МАЦЯШ


А. В. Саракваш


ДУА “Мінскі гарадскі педагагічны каледж”, г. Мінск


Л. С. Язвінская


ДУА “Мінскі гарадскі педагагічны каледж”, г. Мінск


Навуковы кіраўнік – А.К. Пекач, настаўнік-метадыст


Анатацыя. У артыкуле аналізуюцца аднасастаўныя (пэўна-асабовыя, няпэўна-асабовыя, безасабовыя, назыўныя) сказы (часткі) з “Паэмы жніва” Ніны Мацяш, апісваецца іх структура, вызначаецца стылістычная роля.

Ключавыя словы: аднасастаўныя сказы; сказы пэўна-асабовыя; сказы няпэўна-асабовыя; безасабовыя сказы; інфінітыўныя сказы; назыўныя сказы; “Паэма жніва”; Ніна Мацяш.

Выбар намі тэмы даследавання невыпадковы: яна ўяўляе актуальнасць і цікавасць не толькі ў мовазнаўчым плане, але і далучае да пранікнёнага аповеду Ніны Мацяш пра маці. Усё жыццё паэтка імкнулася да духоўнага наталення і ўсведамляла адказнасць за сваё слова перад людзьмі. Напоўненая глыбокім смуткам і жальбаю, “Паэма жніва” ўсхвалявала нас і садзейнічала глыбокаму аналізу сінтаксічных канструкцый.
Аднасастаўны сказ – сказ, граматычную аснову якога складае адзін галоўны член з залежнымі ад яго словамі або без іх (па форме ён нагадвае дзейнік або выказнік) [2, c. 12].
У “Паэме жніва” Н. Мацяш намі выяўлены простыя аднасастаўныя выказнікавыя (пэўна-асабовыя, няпэўна-асабовыя, безасабовыя) сказы.
Простыя пэўна-асабовыя сказы ў залежнасці ад таго, якой дзеяслоўнай формай выражаны галоўны член, падзяляюцца на тры групы:
1) пэўна-асабовыя сказы, у якіх галоўны член выражаны дзеясловам 1-ай асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга і будучага часу абвеснага ладу,
2) пэўна-асабовыя сказы, у якіх галоўны член выражаны дзеясловам 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга і будучага часу абвеснага ладу,
3) пэўна-асабовыя сказы, у якіх галоўны член выражаны дзеясловам 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу.
Да першай групы адносяцца наступныя сказы:
Зараблю-такі грошай! Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, развіты.
Не ведаю. Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, неразвіты.
Ці ж збаюся казённых работ?! Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, развіты.
Да другой вышэйназванай групы адносіцца наступны сказ:
Ляжыш, прычасаная, ўбраная, як на Вялікдзень. Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, развіты.
Трэцяй разгледжанай групе адпавядаюць пэўна-асабовыя сказы, у якіх галоўны член выражаны дзеясловам 2-ой асобы адзіночнага ліку загаднага ладу:
Знімі чорны смутак з сівога свайго караля!.. Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, развіты.
Памажы мне, песня, акрыяць... Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, развіты.
Семантычнае ядро няпэўна-асабовых сказаў – няпэўнасць значэння. Намі выяўлены простыя няпэўна-асабовыя сказы, у якіх няпэўнасць дзеючай асобы ствараецца значэннем формы 3-яй асобы множнага ліку, а таксама дзеясловам прошлага часу.
А мяне адпраўляюць у іншую залу. Сказ аднасастаўны, няпэўна-асабовы, поўны, развіты.
Цябе ў маладосці, было, каралеваю звалі. Сказ аднасастаўны, няпэўна-асабовы, поўны, развіты.
У залежнасці ад марфалагічнай прыроды галоўнага члена намі вылучаны наступныя семантыка-граматычныя разнавіднасці выказнікавых безасабовых сказаў:
1. Безасабовыя сказы з безасабова-прэдыкатыўнымі словамі ў ролі галоўнага члена. Значэнне такіх слоў – ацэнка стану чалавека, асяроддзя, дзеяння, думкі.
Мне нядобра. Сказ аднасастаўны, безасабовы, поўны, развіты.
2. Безасабовы сказ, галоўны член якога – адмоўнае слова (часціца).
А не выйдзе... Сказ аднасастаўны, безасабовы, поўны, неразвіты.
3. Няпоўны безасабовы сказ, у якім прапушчаны дзеяслоў-выказнік, але ёсць яго састаў (дапаўненне).
Ні таго здароўя, ні спакою... Сказ аднасастаўны, безасабовы, няпоўны (эліптычны), развіты.
Аднасастаўныя выказнікавыя часткі (пэўна-асабовыя, безасабовыя, інфінітыўныя) ужываюцца ў складаназалежных сказах.
Намі выяўлена складаназалежныя сказы з:
1) пэўна-асабовымі часткамі, галоўны член якіх выражаны:
а) дзеясловам 1-ай асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу абвеснага ладу:
Ой, навошта ж мне палова, як зерня не маю? Частка як зерня не маю аднасастаўная, пэўна-асабовая, поўная, развітая.
Ой, нашто ж мне жыць на свеце,як мамы не маю? Частка як мамы не маю аднасастаўная, пэўна-асабовая, поўная, развітая.
б) дзеясловам 2-ай асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу абвеснага ладу:
Ляжыш на канапе, што раптам зрабілася лаваю. Частка ляжыш на канапе аднасастаўная, пэўна-асабовая, поўная, развітая.
в) дзеясловам 2-ай асобы адзіночнага ліку загаднага ладу:
Устань жа, галубка, устань, мая зорачка, выйдзі, хоць глянь, колькі люду сабраў твой зычлівы парог!.. Частка ўстань жа, галубка, устань, мая зорачка, выйдзі аднасастаўная, пэўна-асабовая, поўная, неразвітая. Частка хоць глянь аднасастаўная, пэўна-асабовая, поўная, неразвітая.
2) безасабовымі часткамі, у якіх выказнік выражаны:
а) безасабовым дзеясловам:
І рукі на грудзях так ціха, спакойненька склала,што дзецям тваім іх аплакаць і слёз не стае... Частка што дзецям тваім іх аплакаць і слёз не стае аднасастаўная, безасабовая, поўная, развітая.
Хіба ж ты, матулька, была ўжо такая старая, настолькі старая, што ўжо расхацелася жыць?! Частка што ўжо расхацелася жыць аднасастаўная, безасабовая, поўная, развітая.
Што чакае за крутой гарой – выявіцца толькі на вяршыні. Частка выявіцца толькі на вяршыні аднасастаўная, безасабовая, поўная, развітая.
3) інфінітыўнымі часткамі, якія выражаюць:
а) неабходнасць ці немагчымасць дзеяння:
Мама, мама, недарэчна, мусіць, і пытацца, ці ў сваім замустве сапраўды шчаслівай ты была. Частка мама, мама, недарэчна, мусіць, і пытацца аднасастаўная, інфінітыўная, поўная, развітая.
б) магчымасць ці абавязковасць дзеяння:
Ой, нашто ж мне жыць на свеце,як мамы не маю? Частка ой, нашто ж мне жыць на свеце аднасастаўная, інфінітыўная, поўная, развітая.
Аднасастаўныя выказнікавыя часткі (пэўна-асабовыя, безасабовыя, інфінітыўныя) ужываюцца ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі.
Намі выяўлены складаныя сказы з рознымі відамі сувязі (у адным сказе дзве безасабовыя часткі) з:
1) пэўна-асабовымі часткамі, галоўны член якіх выражаны дзеясловам 2-ай асобы адзіночнага ліку загаднага ладу:
Усмешкай людзей прывітай, як заўсёды вітала, няхай не стаяць так журліва ля нашых варот!.. Частка ўсмешкай людзей прывітай аднасастаўная пэўна-асабовая, поўная, развітая.
Устань, мая родная, ты ж на дасвецці ўставала, а гэта ж – паглянь толькі! – сонца пайшло на заход... Частка ўстань, мая родная аднасастаўная, пэўна-асабовая, поўная, неразвітая.
2) безасабовымі часткамі, у якіх выказнік выражаны:
а) безасабовым дзеясловам:
І сніцца: апраметная цемра над хатай, над садам – нібы сонца на свеце зусім не было... Частка і сніцца аднасастаўная, безасабовая, поўная, неразвітая.
Іх тут безліч – такіх маладых і прыгожых! – гаманкі і гуллівы – жахлівы засеў: бо ўжо ведама, ведама мне, о мой Божа, гэта – мёртвыя ўсе!.. Частка бо ўжо ведама, ведама мне, о мой Божа аднасастаўная, безасабовая, поўная, развітая.
б) безасабова-прэдыкатыўным няпэўна-колькасным словам:
Іх тут безліч – такіх маладых і прыгожых! – гаманкі і гуллівы – жахлівы засеў: бо ўжо ведама, ведама мне, о мой Божа, гэта – мёртвыя ўсе!.. Частка іх тут безліч – такіх маладых і прыгожых! аднасастаўная, безасабовая, поўная, развітая.
в) дзеепрыметнікам залежнага стану:
Там адзначаны, хто падлягае знішчэнню – хто жывы, ды ўжо гэта не мае значэння... Частка там адзначаны аднасастаўная, безасабовая, поўная, развітая.
3) інфінітыўнымі часткамі, якія выражаюць пытанне аб магчымасці ці абавязковасці:
І каму ўжо, як не Мацяшысе, і спяваць, як птушцы на зары; падрастаюць дзеткі, і мужык працавіты, добры ды талковы... Частка і каму ўжо, як не Мацяшысе, і спяваць аднасастаўная, інфінітыўная, поўная, развітая. Частка як птушцы на зары аднасастаўная, інфінітыўная, няпоўная, кантэкстуальная (прапушчаны выказнік спяваць, які ёсць у папярэдняй частцы), развітая.
Аднасастаўныя выказнікавыя часткі (безасабовая, інфінітыўныя) ужываюцца ў складаных бяззлучнікавых сказах.
Намі выяўлены складаныя бяззлучнікавыя сказы (у адным сказе дзве інфінітыўныя часткі) з:
1) безасабовай часткай, у якой выказнік выражаны:
а) безасабовым дзеясловам:
Толькі мяне аж калоціць усю ад бязгучнага плачу: гэты спіс шыфраваны спісу мёртвых страшней!.. Частка толькі мяне аж калоціць усю ад бязгучнага плачу аднасастаўная, безасабовая, поўная, развітая.
2) інфінітыўнымі часткамі, якія выражаюць магчымасць ці абавязковасць дзеяння:
У жывых толькі недзе мой брат і сястра: як ім выжыць, як жыць пасля ГЭТАКІХ страт?! Частка як ім выжыць аднасастаўная, інфінітыўная, поўная, развітая. Частка як жыць пасля ГЭТАКІХ страт? аднасастаўная, інфінітыўная, поўная, развітая.
Аднасастаўная выказнікавая безасабовая частка адзначана намі ў складаназлучаным сказе. У безасабовай частцы галоўны член – састаўны іменны выказнік, выражаны фразеалагізмам:
І ў руках яе – усё гарыць, а і з твару – хоць вады напіся. Частка а і з твару – хоць вады напіся аднасастаўная, безасабовая, поўная, развітая.
Назыўныя, ці намінатыўныя, аднасастаўныя сказы сцвярджаюць наяўнасць, існаванне прадметаў, з’яў: галоўны член іх выражаны назоўнікам у назоўным склоне. Паводле семантыкі назыўныя сказы падзяляюцца на быційныя і ўказальныя.
Да быційных, ці экзістэнцыяльных, адносяцца сказы, якія сцвярджаюць існаванне або наяўнасць прадмета, з’явы, стану:
Аркестр... Сказ аднасастаўны, назыўны, поўны, неразвіты.
Вянкі... Сказ аднасастаўны, назыўны, поўны, неразвіты.
Вясковая чорная вуліца... Сказ аднасастаўны, назыўны, поўны, развіты.
Аднасастаўныя дзейнікавыя часткі ўжываюцца ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі.
Адзначаныя складаныя сказы з рознымі відамі сувязі маюць у сваёй структуры назыўную быційную частку (часткі):
Іх тут безліч – такіх маладых і прыгожых! – гаманкі і гуллівы – жахлівы засеў: бо ўжо ведама, ведама мне, о мой Божа, гэта – мёртвыя ўсе!.. Частка гаманкі і гуллівы – жахлівы засеў аднасастаўная, назыўная, поўная, развітая.
Успаміну светлы каласок: ты вяртаешся таропка з поля, малачай ды лебяда ў прыполе, а ў руцэ – рамонкі для дачок... Частка ўспаміну светлы каласок аднасастаўная, назыўная, поўная, развітая.
Яшчэ мы адзіна пра тое, што перад вачыма, і помнім: вунь тата, вунь мама. Часткі вунь тата, вунь мама аднасастаўныя, назыўныя, поўныя, неразвітыя.
Аднасастаўныя дзейнікавыя часткі ўжываюцца ў складаназлучаных сказах. Такія складаназлучаныя сказы маюць у сваёй структуры па дзве назыўныя быційныя часткі:
Беднасць ды сіроцтва. Частка беднасць аднасастаўная, назыўная, поўная, неразвітая. Частка сіроцтва аднасастаўная, назыўная, поўная, неразвітая.
Юнацтва ды дзявоцтва. Частка юнацтва аднасастаўная, назыўная, поўная, неразвітая. Частка дзявоцтва аднасастаўная, назыўная, поўная, неразвітая.
Прааналізаваныя аднасастаўныя дзейнікавыя назыўныя часткі ў складзе складаназлучаных сказаў паводле семантыкі быційныя, паводле структуры поўныя, неразвітыя.
Такім чынам, простыя аднасастаўныя сказы ў “Паэме жніва” Ніны Мацяш як выказнікавыя, так і дзейнікавыя.
Намі адзначаны наступныя аднасастаўныя выказнікавыя сказы: пэўна-асабовыя (6 сказаў), няпэўна-асабовыя (2 сказы), безасабовыя (5 сказаў). У пэўна-асабовых сказах галоўны член выражаны дзеясловам 1-ай асобы адзіночнага ліку цяперашняга і будучага часу абвеснага ладу (3 сказы); дзеясловам 2-ой асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу абвеснага ладу (1 сказ); дзеясловам 2-ай асобы адзіночнага ліку загаднага ладу (2 сказы). У няпэўна-асабовых сказах галоўны член выражаны дзеясловам 3-ай асобы множнага ліку цяперашняга часу, а таксама дзеясловам прошлага часу і ўказвае на дзеянне, якое выконвае няпэўная асоба (2 сказы). У безасабовых сказах галоўны член выражаецца безасабова-прэдыкатыўным словам (3 сказы), адмоўным словам (1 сказ), а таксама адзначаны няпоўны безасабовы сказ з прапушчаным дзеясловам-выказнікам (1 сказ).
Выяўлены аднасастаўныя дзейнікавыя назыўныя сказы (12 сказаў). Аднасастаўныя назыўныя сказы паводле семантыкі быційныя (12 сказаў), паводле структуры поўныя (12 сказаў), развітыя (3 сказы) і неразвітыя (9 сказаў).
У паэме Н. Мацяш складаназалежныя сказы, складаныя сказы з рознымі відамі сувязі, складаныя бяззлучнікавыя і складаназлучаны сказы маюць у сваёй структуры выказнікавыя аднасастаўныя часткі.
Складаназалежныя сказы (9 сказаў) у сваёй структуры маюць пэўна-асабовыя (4 сказы), безасабовыя (3 сказы), інфінітыўныя (2 сказы) часткі.
Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі (7 сказаў) у сваёй структуры маюць пэўна-асабовыя (2 сказы), безасабовыя (4 сказы), інфінітыўныя (1 сказ) часткі.
Складаныя бяззлучнікавыя сказы (2 сказы) у сваёй структуры маюць безасабовую (1 сказ), інфінітыўную (1 сказ) часткі.
Складаназлучаны сказ (1 сказ) у сваёй структуры мае безасабовую (1 сказ) частку.
Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі (3 сказы) і складаназлучаныя (2 сказы) маюць у сваёй структуры аднасастаўныя дзейнікавыя назыўныя часткі.
На нашу думку, адзначаныя аднасастаўныя выказнікавыя і дзейнікавыя сказы (часткі) падкрэсліваюць незваротнасць страты роднага чалавека, а аднасастаўныя назыўныя паглыбляюць адчуванне болю і трагедыі. Сказы з сірочых песень узмацняюць развітанне з дарагім чалавекам, а са жніўных – гарманізуюць разладжаную душу лірычнай гераіні.

Бібліяграфічны спіс:

1. Мацяш, Н. Паміж усмешкай і слязой / Н. Мацяш. – Мінск: Маст. літ., 1993. – 264 с..
2. Сцяцко, П. У. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П. У. Сцяцко, М. Ф. Гуліцкі, Л. А. Антанюк; пад рэд. М. В. Бірылы, П. У. Сцяцко. – Мінск: Вышэйш. шк., 1990. – 221 с.





ДАДАТАК Е


АРТЫКУЛ ДА КАНФЕРЭНЦЫІ

“СВЕТ ДАСЛЕДЧЫХ ІДЭЙ – 2024”, ПРЫСВЕЧАНАЙ ГОДУ ЯКАСЦІ


Аднасастаўныя сказы

ў паэме “Тры каласкі любові і смутку” Ніны Мацяш


Аўтары – Саракваш А.В, Язвінская Л.С

Навуковы кіраўнік – А.К. Пекач, настаўнік-метадыст

ДУА “Мінскі гарадскі педагагічны каледж”, г. Мінск, Беларусь


Актуальнасць даследчай работы “Аднасастаўныя сказы ў паэме “Тры каласкі любові і смутку” Ніны Мацяш” відавочная: будучыя настаўнікі даволі часта не могуць размежаваць двухсастаўныя няпоўныя і аднасастаўныя поўныя сказы. Вырашэнню гэтай праблемы і прысвечана наша праца. Акрамя таго, работа выконваецца ў рамках інавацыйнага праекта “Внедрение модели организационно-методического обеспечения деятельности ресурсного центра по духовно-нравственному воспитанию обучающихся” (приказ комитета Министерства образования Республики Беларусь от 28.08.2023 №411)).
У працы “Аднасастаўныя сказы ў паэме “Тры каласкі любові і смутку” Ніны Мацяш” разглядаюцца простыя аднасастаўныя выказнікавыя сказы, а таксама простыя аднасастаўныя дзейнікавыя сказы.
Практычная значымасць работы заключаецца ў тым, што вынікі даследавання могуць быць уключаны ў даведнікі і дапаможнікі па беларускай мове, у матэрыялы лекцый для студэнтаў філалагічных факультэтаў і настаўнікаў беларускай мовы на курсах павышэння кваліфікацыі, могуць быць карыснымі пры распрацоўцы і правядзенні ўрокаў па адпаведных пытаннях сінтаксісу, пры складанні тэстаў і заданняў да ўрокаў па адпаведных тэмах, на факультатыўных занятках, пры стварэнні пазакласных вучнёўскіх праектаў, а таксама праектаў па беларускай мове і літаратуры.
Выбар намі тэмы даследавання невыпадковы: яна ўяўляе актуальнасць і цікавасць не толькі ў мовазнаўчым плане, але і далучае да пранікнёнага аповеду Ніны Мацяш пра маці. Усё жыццё паэтка імкнулася да духоўнага наталення і ўсведамляла адказнасць за сваё слова перад людзьмі. Напоўненая глыбокай любоўю і сумам, паэма “Тры каласкі любові і смутку” ўсхвалявала нас і садзейнічала глыбокаму аналізу сінтаксічных канструкцый.
Асноўная мэта работы – аналіз аднасастаўных сказаў на матэрыяле паэмы “Тры каласкі любові і смутку” Ніны Мацяш.
Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:
1. Правесці аналіз сутнасці паняццяў “аднасастаўныя сказы”.
2. Апісаць структуру аднасастаўных сказаў.
3. Выявіць стылістычную ролю аднасастаўных сказаў.
Аднасастаўны сказ – сказ, граматычную аснову якога складае адзін галоўны член з залежнымі ад яго словамі або без іх (па форме ён нагадвае дзейнік або выказнік) [2, c. 12].
Галоўны член аднасастаўных сказаў не толькі называе дзеянне, з’яву або прадмет, але і выражае іх адносіны да рэчаіснасці, гэта значыць мае прэдыкатыўнасць і не патрабуе наяўнасці другога члена. Галоўны член аднасастаўнага сказа па форме супадае або з дзейнікам, або з выказнікам двухсастаўнага сказа. Таму аднасастаўныя сказы падзяляюцца на дзве асноўныя групы: аднасастаўныя сказы з галоўным членам – выказнікам і аднасастаўныя сказы з галоўным членам – дзейнікам. У залежнасці ад таго, якой часцінай мовы выражаецца галоўны член аднасастаўных сказаў, апошнія падзяляюцца на дзеяслоўныя і іменныя. Да дзеяслоўных адносяцца асабовыя (пэўна-асабовыя, няпэўна-асабовыя, абагульнена-асабовыя) і неасабовыя (безасабовыя і інфінітыўныя). Да іменных адносяцца намінатыўныя сказы.
У паэме “Тры каласкі любові і смутку” Н. Мацяш намі выяўлена 11 простых аднасастаўных выказнікавых (пэўна-асабовых, няпэўна-асабовых, безасабовых, інфінітыўных) сказаў.
Простыя пэўна-асабовыя сказы ў залежнасці ад таго, якой дзеяслоўнай формай выражаны галоўны член, падзяляюцца на дзве групы:
1) пэўна-асабовыя сказы, у якіх галоўны член выражаны дзеясловам 1-ай асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга і будучага часу абвеснага ладу,
2) пэўна-асабовыя сказы, у якіх галоўны член выражаны дзеясловам 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу.
Да першай групы адносіцца наступны сказ:
Прытаўчу, прытапчу безнадзей гадаўё... [1, c. 273]. Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, развіты.
Другой разгледжанай групе адпавядаюць пэўна-асабовыя сказы, у якіх галоўны член выражаны дзеясловам 2-ой асобы адзіночнага ліку загаднага ладу:
Не ўціхай толькі, памяць мая здрасаваная [1, c. 273]. Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, развіты.
Паслухай, мама, як сасну, мяне [1, c. 275]. Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, развіты.
Не пакідай нас, ма!..[1, c. 275]. Сказ аднасастаўны, пэўна-асабовы, поўны, развіты.
Семантычнае ядро няпэўна-асабовых сказаў – няпэўнасць значэння. Намі выяўлены простыя няпэўна-асабовыя сказы, у якіх няпэўнасць дзеючай асобы ствараецца значэннем формы 3-яй асобы множнага ліку цяперашняга часу, а таксама дзеясловам прошлага часу:
Уміраюць з голаду й па людзях... [1, c. 276]. Сказ аднасастаўны, няпэўна-асабовы, поўны, развіты.
У залежнасці ад марфалагічнай прыроды галоўнага члена намі вылучаны наступныя семантыка-граматычныя разнавіднасці выказнікавых безасабовых сказаў:
1. Безасабовыя сказы з галоўным членам, выражаным безасабовым дзеясловам.
Усё празрысцей робіцца ў садах [1, c. 273]. Сказ аднасастаўны, безасабовы, поўны, развіты.
2. Безасабовыя сказы з безасабова-прэдыкатыўнымі словамі ў ролі галоўнага члена. Значэнне такіх слоў – ацэнка стану чалавека, асяроддзя, дзеяння, думкі.
У нашым, часам з прымаразкам, леце ўдосталь і маланак, і асця [1, c. 275]. Сказ аднасастаўны, безасабовы, поўны, развіты.
З пункту погляду выражэння дзеяння інфінітыўныя сказы безасабовыя, аднак аб’ядноўваць іх нельга. Паводле значэння намі выдзелены наступныя разнавіднасці інфінітыўных сказаў:
1. Сказ, які выражае катэгарычны загад, заклік, для яго характэрна асобая інтанацыя загаду.
Да скону пчолам бараніць свой вулей,свой спадак працы, сонца і дажджоў [1, c. 275]. Сказ аднасастаўны, інфінітыўны, поўны,развіты.
2. Сказ, які выражае неабходнасць дзеяння. Для яго характэрна няклічная інтанацыя.
Прымірыцца... [1, c. 273]. Сказ аднасастаўны, інфінітыўны, поўны, неразвіты.
3. Сказ з пытальным словам і пытальнай інтанацыяй, якія выражаюць пытанне аб магчымасці ці абавязковасці.
Ці ж любоў альбо натхненне ўкрасці? [1, c. 277]. Сказ аднасастаўны, інфінітыўны, поўны, развіты.
Такім чынам, у пэўна-асабовых сказах галоўны член выражаны дзеясловам 1-ай асобы адзіночнага ліку будучага часу абвеснага ладу (1 сказ); 2-ой асобы адзіночнага ліку загаднага ладу (3 сказы). У няпэўна-асабовых сказах галоўны член выражаны дзеясловам 3-ай асобы множнага ліку цяперашняга (1 сказ) часу ці дзеясловам прошлага (1 сказ) часу і ўказвае на дзеянне, якое выконваюць няпэўныя асобы. У безасабовых сказах галоўны член выражаецца безасабовым дзеясловам (1 сказ) і безасабова-прэдыкатыўным словам (1 сказ). Інфінітыўныя сказы выражаюць катэгарычны загад, заклік (1 сказ), неабходнасць ці немагчымасць дзеяння (1 сказ) і пытанне аб магчымасці ці абавязковасці (1 сказ).
У паэме “Тры каласкі любові і смутку” Н. Мацяш намі выяўлены 3 простыя аднасастаўныя дзейнікавыя назыўныя сказы.
Намінатыўныя аднасастаўныя сказы сцвярджаюць наяўнасць, існаванне прадметаў, з’яў: галоўны член іх выражаны назоўнікам у назоўным склоне. Паводле семантыкі намінатыўныя сказы падзяляюцца на быційныя і ўказальныя.
Да быційных, ці экзістэнцыяльных, адносяцца сказы, якія сцвярджаюць існаванне або наяўнасць прадмета, з’явы, стану:
Жніво, жніво! Высокая часінацяжкой натомы рук і свята душ, ганараванне кожнай каласіны, – цяпер яе ніякі глум не руш! [1, c. 273]. Сказ аднасастаўны, назыўны, поўны, развіты.
Жыта, жыта, вечны скарб, спажытак чалавечых цела і душы! [1, c. 276]. Сказ аднасастаўны, назыўны, поўны, развіты.
Ва ўказальным сказе не толькі сцвярджаецца існаванне прадметаў ці з’яў, але і ўказваецца на іх пры іх наяўнасці ці паяўлення. У структурную схему такога сказа ўваходзяць часціцы вось і:
Вось і ўсё [1, c. 273]. Сказ аднасастаўны, назыўны, поўны, неразвіты.
Такім чынам, адзначаныя простыя назыўныя сказы з’яўляюцца быційнымі (2 сказы) і ўказальным (1 сказ). У назыўных быційных сказах ужываецца так званы назоўны ўяўлення, што называе ўспомнены і намаляваны ва ўяўленні паэткі прадмет, пра які яна расказвае пачуццёва ўзнёсла.
Такім чынам, простыя аднасастаўныя сказы ў паэме “Тры каласкі любові і смутку” Н. Мацяш як выказнікавыя, так і дзейнікавыя.
Намі адзначаны наступныя аднасастаўныя выказнікавыя сказы: пэўна-асабовыя (4 сказы), няпэўна-асабовыя (2 сказы), безасабовыя (2 сказы), інфінітыўныя (3 сказы). У пэўна-асабовых сказах галоўны член выражаны дзеясловамі 1-ай асобы адзіночнага ліку будучага часу абвеснага ладу (1 сказ); дзеясловам 2-ай асобы адзіночнага ліку загаднага ладу (3 сказы). У няпэўна-асабовых сказах галоўны член выражаны дзеясловам 3-ай асобы множнага ліку цяперашняга часу, а таксама дзеясловам прошлага часу і ўказвае на дзеянне, якое выконвае няпэўная асоба (2 сказы). У безасабовых сказах галоўны член выражаецца безасабовым дзеясловам (1 сказ), безасабова-прэдыкатыўным словам (1 сказ). У паэме інфінітыўныя сказы выражаюць катэгарычны загад, заклік (1 сказ), неабходнасць ці немагчымасць дзеяння (1 сказ) і пытанне аб магчымасці ці абавязковасці (1 сказ).
Выяўлены аднасастаўныя дзейнікавыя назыўныя сказы (3 сказы). Аднасастаўныя назыўныя сказы паводле семантыкі быційныя (2 сказы) і ўказальныя (1 сказ), паводле структуры поўныя (3 сказы), развітыя (2 сказы) і неразвіты (1 сказ).
На нашу думку, адзначаныя аднасастаўныя выказнікавыя і дзейнікавыя сказы падкрэсліваюць незваротнасць страты роднага чалавека, а аднасастаўныя назыўныя паглыбляюць адчуванне болю і трагедыі. Сказы з жніўных песень гарманізуюць разладжаную душу лірычнай гераіні.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Мацяш, Н. Паміж усмешкай і слязой / Н. Мацяш. – Мінск: Маст. літ., 1993. – 264 с..
2. Сцяцко, П. У. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П. У. Сцяцко, М. Ф. Гуліцкі, Л. А. Антанюк; пад рэд. М. В. Бірылы, П. У. Сцяцко. – Мінск: Вышэйш. шк., 1990. – 221 с.


ДАДАТАК Ё


19 СНЕЖНЯ – ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ НІНЫ МАЦЯШ



~Праграмныя прадукты~

ДАДАТАК Ж

Кніга "Асветніца",
створаная вучаніцамі педкаледжа


ДАДАТАК З

Кніга "Афарыстычныя выслоўі Ніны Мацяш
у зборніку Н.В. Гаўрош і Н.М. Нямковіч",
створаная вучаніцамі педкаледжа


ДАДАТАК І

Праект "Беларускамоўны панядзелак",
які праводзіцца штотыдзень у каледжы




Ніна Мацяш стварала карціны пры дапамозе птушыных пёркаў.
Алена Васілевіч назвала гэты від мастацтва пёркаграфіяй.






ДАДАТАК Ж

Паштоўкі і маркі,
(цытаты з вершаў),
якія стварылі вучаніцы педкаледжа
пра выбітную беларускую паэтку
Ніну Мацяш


Вы таксама можаце прыняць удзел: стварыць паштоўку ці марку з цытатай Ніны Мацяш,

адаслаць на пошту: hatkevicdasa@gmail.com


~Iндывідуальныя заданні~



This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website